Для самай роднай, блізкай, дарагой
14 кастрычніка надзвычай цёплым, шчырым і вельмі эмацыйным атрымалася мерапрыемства ў дзённым аддзяленні для знаходжання маладых інвалідаў і суправаджанага пражывання Столінскага ТЦСАН, што ў г. Століне.
Яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы маладыя людзі з інваліднасцю прадэманстравалі ўдзельнікам святочнага мерапрыемства свае навыкі працы на швейным абсталяванні, якія яны набылі ў аддзяленні дзякуючы кіраўніку гуртка па дэкаратыўны-прыкладным мастацтве Лідзіі Шынкарэвіч. У глядзельнай зале была арганізавана выстаўка работ ручной працы рабят.
Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Дземідовіч. З віншаваннямі на адрас матуль і родных абслуговых грамадзян і самымі добрымі словамі да свята выступілі дырэктар ТЦСАН Руслан Коц і загадчык адзялення Сцяпан Кудравец.
Далей перад гасцямі выступілі ўдзельнікі тэатра “Калейдаскоп” пад кіраўніцтвам Вікторыі Агароднік з пастаноўкай “Жаніцьба Бальзамінава”. Адзначу, што касцюмы для выступлення рыхтавалі самастойна. Прыцягваюць увагу гледачоў яркія вобразы акцёраў, іх адкрытыя эмоцыі і непадробнае хваляванне адзін за аднаго.
Сіламі аддзялення і маладых людзей падрыхтавана вялікая колькасць вакальных нумароў, літаратурна-творчых выступленняў. З іх вуснаў гучалі шчырая падзяка ўсім тых, хто побач з імі, а ў першую чаргу – самым блізкім людзям на зямлі і ва ўсім Сусвеце. Не маглі не выклікаць слёзы словы, што ішлі ад душы, што былі выпакутаваны за многія гады барацьбы з хваробай, сумесных намаганняў і пошукаў выйсця.
Адметнасцю выступлення стала і тое, што маладыя людзі спявалі, расказвалі вершы, нават сцэнічныя нумары суправаджаліся дыялогамі акцёраў. Пра тое, што ўзровень развіцця творчых здольнасцяў расце з неймамавернай сілай, і што бацькі назіраюць толькі станоўчыя змены ў сваіх дзецях, якія наведваюць аддзяленне, гаварылі матулі Людміла Цупа і Алена Ракавец. Кожнаму з удзельнікаў канцэртнай праграмы Людміла Цупа зрабіла камплімент, падкрэсліла іх непаўторнасць, падбадзёрыла і выказала ўпэўненасць, што ўсё лепшае яшчэ наперадзе. Тыя ў сваю чаргу з вачыма, поўнымі слёз, дзякавалі за тое, што яны не адны ў гэтым свеце. Іх любяць, падтрымліваюць, радуюцца разам з імі кожнай новай перамозе…
Пасля маладых людзей чакаў салодкі стол, а бацькі разам з кіраўніцтвам агучылі надзённыя праблемы, абмеркавалі далейшы кірунак працы і развіцця аддзялення. Спяпан Кудравец падзякаваў памочніку кіраўніка па рабоце з моладдзю Пінскай епархіі Уладзіславу Нячаю за значную і вельмі патрэбную работу, якую кожны панядзелак ён праводзіць з абслуговымі грамадзянамі: гутаркі праваслаўнай тэматыкі, чытанне акафісту. З удзячнасцю гаварыў загадчык аддзялення і пра значны ўклад, клопат і падтрымку родных і блізкіх.